Зрабіў уражанне на гасцей высокі ўзровень арганізацыі вольнага часу з карысцю для здароўя і спартыўнай падрыхтоўкі ў дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе ў Стоўбцах. Як распавёў дырэктар установы Раман Кузняцоў, 25-метровы басейн на 5 дарожак запатрабаваны ў насельніцтва. Карыстаюцца попытам залу фітнесу, адзінаборстваў, настольнага тэніса, трэнажорная, більярдны. За 2018/2019 навучальны год у ДЮСШ падрыхтавана 6 спартсменаў-першаразраднікаў і 150 спартсменаў масавых разрадаў, трое залічаны ў вышэйстаячыя арганізацыі, яшчэ 6 праходзяць зараз падрыхтоўчы этап для залічэння.
Наведалі журналісты і высокатэхналагічную вытворчасць па перапрацоўцы бульбы ў шматкі ТАА «Сула плюс». Тут устаноўлена сучаснае абсталяванне, ідзе падрыхтоўка да запуску вытворчасці. Ужо створана 53 рабочых месцы, а пасля ўводу аб'екта ў эксплуатацыю колькасць работнікаў павялічыцца да 105.
Гатовую прадукцыю плануюць адгружаць на экспарт у краіны блізкага і далёкага замежжа. Сума інвестыцый у будаўніцтва прадпрыемства склала больш за 21 000 000 беларускіх рублёў.
Журналісты азнаёміліся з работай СТАА «Фреор Рефригерайшн», якое на працягу 9 гадоў застаецца вядучым прадпрыемствам Беларусі ў галіне прамысловага холаду. Яно было заснавана ў 2010 годзе па беларуска-літоўскім праекце. На прадпрыемстве паспяхова вядуцца распрацоўка і выраб халадзільнага абсталявання для аб'ектаў гандлю рознага фармату: нізкатэмпературныя маразільныя і халадзільныя вітрыны, халадзільныя стэлажы, вітрыны і да т.п.
Сучасныя інавацыйныя тэхналогіі, укаранёныя на вытворчасці, дазваляюць выпускаць энергазахавальную прадукцыю, якая карыстаецца высокім попытам у Беларусі, а таксама экспартуецца ў Расійскую Федэрацыю, Казахстан, у Чэхію.
Зачаравальнае гучанне органа... Так сустрэла ўдзельнікаў прэс-тура Рымска-каталіцкая парафія Святога Язэпа ў аграгарадку Рубяжэвічы. Касцёл занесены ў дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Ён пабудаваны ў 1907-1911 гг. у характэрным для таго часу стылі. Ідэю будаўніцтва падаў Антоній Тур, але дазвол ад цара на ўвасабленне сваёй ідэі ў жыццё ён не атрымаў. Тады Антоні прынёс з поля самы вялікі камень, напісаў на ім, што тут будзе пабудаваны касцёл рымска-каталіцкай веры, і паклаў на пясчаным узгорку. Участак пад будаўніцтва ў 6 дзесяцін ахвяравалі сяляне Рубяжэвіцкай воласці, затым пачаўся збор сродкаў і яго будаўніцтва. Узводзілі касцёл з абчасанага каменя.
Сёння сваёй веліччу ён прыцягвае турыстаў. У 2006 годзе касцёл адсвяткаваў сваё 100-годдзе. Да гэтай знамянальнай даты побач з храмам створаны ансамбль камянёў. 46 устаноўленых камянёў сімвалізуюць 46 вёсак прыходу, на кожным камені высечана назва вёскі.
У Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь уключаны сядзібныя пабудовы комплексу ў вёсцы Сула. Унікальнасць гэтага месца таксама ацанілі журналісты Міншчыны.
Госці пагрузіліся ў шляхецкую культуру 18-19 стагоддзяў з яе тэатральнымі і музычнымі традыцыямі, наведалі парк-музей інтэрактыўнай гісторыі «Сула», які працуе ў рэжыме таймлайн.